NEWS:::: “Сіні перац”: слынны фэст 90-ых вяртаецца?

Фэст “Сіні перац” нагадвае пра сябе празь некалькі гадоў маўчаньня. Лідэр гурту “Князь Мышкін” Лявон Нарушэвіч ізноў вырашыў сабраць музыкаў усіх масьцяў, якіх яднае авантурызм, філянтропія й арыгінальны сьветапогляд.
Варта нагадаць, што першы фэст з назовам “Сіні перац” адбыўся ў 1993 г. ў кінатэатры “Авангард”. Потым гэтае нефармальнае сьвята “альтэрнатывы” ладзілася на сталічных пляцоўках строга штогод. Сярод удзельнікаў адзначыліся Этна-трыё “Тройца”, Зьміцер Вайцюшкевіч, Аляксандар Памідораў, “Плато”, “Нагуаль”, Pete Paff, Яўген Канавалаў, Сяргей Пукст, Jizel’s Electra, авангардысты з Расеі й Украіны ды шматлікія іншыя. То бок, у межах фэсту можна было пабачыць каго заўгодна: панкаў, бардаў, фальклярыстаў, хіпі, рокэраў, паэтаў, блюзмэнаў, электроншчыкаў, актораў… “Сіні перац” доўгі час быў адзіным мерапрыемствам такога кшталту.
Вось, што казаў тады завадатар рэгулярнага сьвята Лявон Нарушэвіч: “Проста мне б хацелася,каб атмасфэра была добрая, і не зьбіраліся нейкія вар’яты, якія будуць кідаць адзін у аднаго кардонныя скрыні й называць усё гэта авангардам. Павінны быць цэльнасьць і ўзаемапавага. І на сцэне – абавязкова якасьць. Інакш навошта туды навогул вылазіць?”
Фэст “Сіні перац” зь цягам часу зарабіў сабе гучнае імя. Для некаторых маладых музыкаў сталася марай на ім выступіць. У прыватнасьці, у тым прызнаваўся Лявон Паўлёнак з “Нагуаля”. Зьбіраліся паўнюткія залі прагных да “некамэрцыйнае музыкі”, як тады казалі. Помніцца, журналістка Тацьцяна Заміроўская скончыла свой артыкул пра адзін зь “Сініх перцаў” ўзьнёслымі словамі: “Завяршылася ўсё каля поўначы. І неба, сіняе, як перац. Калі яшчэ так палётаем?”
А Ўладзімер Бярбераў зь “Ліцьвінаў” аднойчы парушыў міт аб тым, што перац сіняга колеру – гэта нібыта вобраз з “хворае” сьвядомасьці. Уладзімер аднойчы напаткаў рэальны, дастаткова сіні перац на рынку ў Менску й урачыста прэзэнтаваў яго Нарушэвічу. Праўда, цяпер Бярбераў кажа, што такія перцы ў продажы зьніклі. Пэўна, адначасова з 10-тым па ліку фэстам. Апошні “Сіні перац”, дарэчы, адбыўся у малой залі Купалаўскага тэатру й вылучаўся пацыфісцкім патасам – набліжалася вайна ў Іраку.
З таго моманту мінула роўна 7 год. І Лявон Нарушэвіч як існы інтуітывіста адчуў, што час прысьпеў! Варта правесьці імпрэзу, так бы мовіць, па сьлядох “Сіняга перца”. Мейсцам дзеі абраў менскі клюб зь ня менш вобразным імем “Лісіная нара” – новы культурны цэнтар. “Перац” у “Нары” – ці не выдатнае спалучэньне (па Фройду)? Тут зьбяруцца былыя ўдзельнікі слыннага фэсту й навабранцы. Сьпіс запрошаных па традыцыі пярэсты й шматабяцальны:
1. “Кабарэ Мацільды Шторр” – літаратарская фармацыя з удзелам Віктара Жыбуля й Джэці.
2. “Мох” – праект групы “Солнцецветы”, які вынаходзіць пап-музыку будучыні.
3. “Альтанка” – рэанімаваны этна-ансамбаль з удзелам першых музыкаў “Тройцы”.
4. Міхал Кірычэнка – выканаўца нэапалітанскіх сьпеваў.
5. “Ліцьвіны” – фольк-рэканструктары зь вялікім стажам (рыхтуюцца сыграць блюз).
6. “Рацыянальная дыета” – прагрэсіўная суполка маладых кампазытараў.
7. “Князь Мышкін” – інтуітыўная імправізацыя 19-гадовае вытрымкі.
8. Электра-Трыё “Банько-Бубен-Плян” – татальны й бескампрамісны нойз.
Такім чынам, адпраўляемся “Па сьлядох “Сіняга Перца”: 2 лютага, 19:00, “Лісіная нара” (вул. Каліноўскага, 32). Даведкі: (029) 682-02-58, (029) 620-32-01, (029) 331-41-54.

No Comments, Comment or Ping
Reply to “NEWS:::: “Сіні перац”: слынны фэст 90-ых вяртаецца?”